Кулёк, іняз, мед: а засталіся яшчэ ВНУ, якія не запісалі зваротаў да ўладаў?

Кадр з відэазвароту студэнтаў і выкладчыкаў факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ​
Кадр з відэазвароту студэнтаў і выкладчыкаў факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ​

Пачатак навучальнага года супаў з вулічнымі пратэстамі. Да іх далучыліся і студэнты: 1 верасня яны правялі шматтысячны марш па вуліцах Мінска. Шэсце скончылася затрыманнямі. Затрыманні працягнуліся ў наступныя дні: часам сілавікі выносілі студэнтаў проста з холаў універсітэтаў.

Студэнты не перасталі пратэставаць. А акрамя вулічных выступаў пачалі — часам і разам з выкладчыкамі — запісваць відэазвароты, у які асуджаюць разгоны пратэстаў, гвалт з боку сілавікоў, гавораць пра свабоду і сумленныя выбары і выказваюць незадаволенасць тым, што адбываецца ў краіне.

Ці засталіся яшчэ ВНУ, студэнты і выкладчыкі якіх не запісвалі відэазваротаў? Засталіся. Але значна цікавей, чым вылічаць іх, паглядзець на тых, хто адважыўся публічна выказаць сваю крытыку ўладам, і паслухаць, пра што яны гавораць.

Першымі з выкладчыкаў, хто публічна звярнуўся да ўладаў, сталі супрацоўнікі МДЛУ. 9 верасня яны выпусцілі відэа ў адказ на жорсткія затрыманні сваіх студэнтаў.

1 і 2 верасня ў часе мірных акцый пратэсту некалькі студэнтаў лінгвістычнага ўніверсітэта затрыманы на ганку ўніверсітэта. 4 верасня група сілавікоў, уварваўшыся ў будынак універсітэта і ўжыўшы сілу, затрымала яшчэ пяцярых пасля таго, як студэнты хорам праспявалі песню французскіх паўстанцаў з мюзікла "Адрынутыя" Do You Hear the People Sing?

13 верасня выкладчыкі філфака БДУ запісалі зварот у падтрымку студэнтаў, дзе заявілі, што немагчыма заставацца нейтральным у дачыненні да таго, што адбываецца ў Беларусі.

14 верасня зварот у падтрымку студэнтаў выпусцілі выпускнікі факультэта міжнародных адносін БДУ. З цікавага: ролікі "міжнароднікаў" знятыя ў розных кутках свету.

17 верасня студэнты і выкладчыкі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ знялі сумесны відэаролік у падтрымку ўсіх пацярпелых і затрыманых у Беларусі. Да здымкі роліка яны паставіліся крэатыўна: хаваючы свае твары, зачытваюць верш Янкі Купалы "А хто там ідзе?", а ў канцы роліка зрываюць з сябе маскі.

"З намі можна гаварыць на многіх мовах, але мовы гвалту мы не пацерпім", — заявілі студэнты МДЛУ ў звароце, запісаным 19 верасня.

21 верасня выкладчыкі БДМУ знялі відэазварот. Супрацоўнікі меда выказаліся ў падтрымку сваіх студэнтаў, якія прайшлі праз затрыманні і рэпрэсіі.

Праз тыдзень з'явіўся "зварот выкладчыкаў і супрацоўнікаў мехмата БДУ супраць хлусні, гвалту і беззаконня". У ім выкладчыкі дакладных навук сярод іншага высмеялі вынікі падлікаў галасоў на прэзідэнцкіх выбарах.

7 кастрычніка студэнты БДУКМ запісалі відэазварот. Навучэнцы кулька на беларускай мове звярнуліся да беларускіх уладаў:

"Мы для вас "дрянной народец", а для ўсяго свету мы — народ, які даў самых таленавітых і прагрэсіўных людзей, дзеячоў культуры і мастацтва, навукоўцаў, пісьменнікаў, спартсменаў і іншых. Беларусы жывуць амаль у кожнай кропцы планеты. І цяпер мы ведаем гэта дакладна. Як вы хочаце гэта пераадолець?"

Калі мы забыліся згадаць відэазварот, пра які вы ведаеце, — напішыце нам у "Тэлеграм": @euroradio_minsk. Мы дапоўнім артыкул.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі