viasna on patreon

Заклікаем да неадкладнага спынення рэпрэсій у дачыненні грамадзян, а таксама вызвалення ўсіх палітзняволеных

2020 2020-09-08T12:07:44+0300 2020-09-09T14:27:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vasilevich_sasha-s3ide.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

Мінск, 7 верасня  2020 г.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, адзначаем павелічэнне рэпрэсій з боку уладаў Рэспублікі Беларусь у дачыненні да грамадзян краіны.

Ахвярамі гэтых рэпрэсіўных дзеянняў становяцца прадстаўнікі самых розных груп насельніцтва: студэнты і выкладчыкі ВНУ, медыцынскія супрацоўнікі, рабочыя дзяржпрадпрыемстваў, а таксама прадстаўнікі прыватнага бізнесу.

Усе гэтыя выпадкі пераследу сведчаць пра іх палітычна матываваны характар.

На працягу апошніх тыдняў у Беларусі адбыўся шэраг затрымання прадстаўнікоў сферы бізнэсу, якія займаліся рознымі відамі грамадскай і палітычнай дзейнасці.

Так, 28 жніўня прадстаўнікамі ДФР КДК быў затрыманы бізнэсмэн, сузаснавальнік анлайн выданняў kyky.org I The Village Беларусь, а таксама ўладальнік агенцтва Vondel/Hepta і прасторы Галерэя Ў, Аляксандр Васілевіч. Перад гэтым у ягонай кватэры, офісе і кампаніях, якімі ён кіраваў, былі праведзеныя ператрусы. Сайт The Village Беларусь, разам з шэрагам іншых грамадска-палітычных СМІ, быў заблакаваны па рашэнні Мінінфармацыі.

Сам Аляксандр Васілевіч займаўся актыўнай грамадскай дзейнасцю, за што раней ужо зазнаў пераслед з боку ўладаў. Так, 28 ліпеня А. Васілевіч быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў будынку КДБ, куды ён разам з іншымі грамадзянамі прынёс хадайніцтва аб змене меры стрымання В. Бабарыку. Суд Фрунзенскага раёна г. Мінска прыцягнуў А. Васілевіча да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арышту тэрмінам на 14 сутак за удзел у несанкцыянаваным сходзе па ч.1 арт. 23. 34 КаАП.

4 верасня А. Васілевічу было прад’яўлена абвінававанне. З-за ўзятай у адваката падпіскі аб неразгалошванні матэрыялаў следства на дадзены момант невядома па якім артыкуле КК яно прад’яўлена. Сам А. Васілевіч знаходзіцца пад вартай у СІЗА №1. У якасці падазраванай па ўзбуджанай крымінальнай справе праходзіць і жонка А. Васілевіча - Надзея Зелянкова.

31 жніўня 2020 г. супрацоўнікамі ДФР КДК была затрыманая сябра прэзідыўму Каардынацыйнай Рады, вядомая юрыст і міжнародны медыятар, партнэр і дырэктар юрыдычнай кампаніі “Уласава, Міхэль і партнёры”  Лілія Уласава.

Як стала вядома пазней у дачыненні да Л. Уласавай была ўзбуджаная крымінальная справа па ч.2 арт. 243 КК (ухіленне ад падаткаабкладання).

Трэба адзначыць, што ад моманту стварэння Каардынацыйнай Рады і абрання ёй прэзідыўма іх сябры падвяргаюцца жорсткаму ціску з боку ўладаў Беларусі. Асабіста А. Лукашэнка заўляў аб нібыта незаконным характары дзейнасці Рады, а Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь па факце яе стварэння і дзейнасці  была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). У межах узбуджанай крымінальнай справы адбываліся актыўныя выклікі на допыты як сябраў прэзідыўма, так і сябраў Каардынацыйнай рады. Сябры КС неаднаразова затрымліваліся, а сябра прэзідыўму Вольга Кавалькова гвалтоўна вывезеная з ЦІП, дзе яна адбывала адміністрацыйны арышт, у Польшчу.

2 верасня 2020 г. у мінскім офісе кампаніі PandaDoc, а таксама ў прыватных кватэрах некаторых яе супрацоўнікаў, адбыліся ператрусы, які праводзіліся супрацоўнікамі ДФР КГК.

Пазней стала вядома, што чацвёра супрацоўнікаў кампаніі Юлія Шардыка, Дзмітры Рабцэвіч, Віктар Куўшынаў, а таксама Уладзіслаў Міхалап былі затрыманыя і ўзятыя пад варту ў якасці падазраваных па крымінальнай справе, узбуджанай па ч. 4 арт. 210 КК (крадзёж шляхам злоўжывання службовым становішчам).

Варта адзначыць, што заснавальнік кампаніі PandaDoc Мікіта Мікада адкрыта асуджаў палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Адразу пасля падзеяў 6-11 жніўня М. Мікада і ягоны партнёр па бізнесу С. Барысюк запусцілі інцыятыву Protect Belarus для дапамогі супрацоўнікам сілавых ведамстваў, якія пазбавіліся работы з-за адмовы выконваць злачынныя загады. За гэты час ініцыятыва атрымала больш за 500 заявак на такую дапамогу, а некаторыя з такіх гісторый атрымалі шырокі грамадскі рэзанс.

Затрыманні Аляксандра Васілевіча, Ліліі Уласавай, Юліі Шардыка, Дзмітрыя Рабцэвіча, Віктара Куўшынава і Уладзіслава Міхалапа стала працягам хвалі рэпрэсій, якія распачаліся ў краіне з моманту абвяшчэння парламентам прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. За гэты перыяд тысячы грамадзян былі падвергнутыя розным відам рэпрэсій і пераследу: звальненням з працы, адміністрацыйным арыштам, штрафам, а так сама палітычна матываванаму крымінальнаму пераследу.

Асабліва ўзмацініліся рэпрэсіі ў поствыбарчы перыяд, што прывяло да рэзкага павелічэння колькасці затрыманых, арыштаваных і узятых пад варту па палітычных матывах. У краіне назіраецца крызіс правоў чалавека.

Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу вышэй азначаных грамадзян з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне іх публічнай дзейнасці ці змяненне яе характару.

На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 а) Кіраўніцтва аб вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабрончых арганізацыяй, заяўляем аб прызнанні Аляксандра Васілевіча, Ліліі Уласавай, Юліі Шардыка, Дзмітрыя Рабцэвіча, Віктара Куўшынава і Уладзіслава Міхалапа палітычнымі зняволенымі і

патрабуем:

  • неадкладнага вызвалення А. Васілевіча, Л. Уласавай, Ю. Шардыка, Д. Рабцэвіча, В. Куўшынава, У. Міхалапа з-пад варты;
  • неадкладнага спынення рэпрэсій у дачыненні да грамадзян, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных;

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права”;

Беларускі Дакументацыйны цэнтр;

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства